Восенню 2023-га адна з выхаванак дзіцячай вёскі ў Мінскім раёне скончыла жыццё самагубствам. У дзень трагедыі педагог-псіхолаг знаходзілася на працы «ў стане алкагольнага ап’янення». Гэта вынікае з ліста за подпісам намесніка генпракурора Максіма Вароніна віцэ-прэм'еру Ігару Петрышэнку. Дакумент «Люстэрка» атрымала з дапамогай BELPOL.
Трагедыя адбылася ў лістападзе 2023-га, дзяўчынцы на той момант было 12−13 гадоў. Мяркуючы з тэксту ліста, жыццё ў яе складвалася няпроста. Доўгі час яна жыла з мамай, якая піла і вяла амаральны лад жыцця. З сям'і дачку забралі і змясцілі ў Мінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Аказалася, што там яна траўмавала сябе.
— Педагогам-псіхолагам мерапрыемствы па аказанні псіхалагічнай дапамогі не выконваліся, дыягнастычныя даследаванні і карэкцыйная праца вяліся нерэгулярна і фармальна, прычыны нанясення самапашкоджанняў не высвятляліся, — адзначыў Максім Варонін і дадаў, што крызісны псіхолаг працы з падлеткам не вёў.
У ліпені 2023-га дзяўчыну змясцілі ў дзіцячую вёску «Вытокі», якая знаходзіцца ў Мінскім раёне, і залічылі ў Бараўлянскую СШ № 3. Аднак, як піша намеснік генпракурора, сітуацыя ў падлетка не палепшылася.
— Аказанне кваліфікаванай псіхалагічна-педагагічнай дапамогі не забяспечанае, меры па арганізацыі вольнага часу не прымаліся, — паведаміў Максім Варонін.
У лістападзе 2023-га дзяўчына скончыла жыццё самагубствам — яна павесілася.
— У дзень гібелі няплўнагадовай педагог-псіхолаг знаходзілася на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення, — напісаў намеснік генпракурора. — Яна патлумачыла, што ўжывала спіртное ў сувязі з вызваленнем сябра з турмы.
Нагадаем, летам 2024-га Генпракуратура адзначала, што колькасць дзіцячых суіцыдаў расце. У першым паўгоддзі рукі на сябе наклалі 18 дзяцей. Гэта на 50% больш, чым за такі ж перыяд 2023-га. Тады трагедыя адбылася з 12 няпоўнагадовымі. Таксама ў ведамстве адзначалі, што хлопцы і дзяўчаты пачалі раней здзяйсняць самагубства. Напрыклад, двум самым малодшым было ўсяго па 10 гадоў.
У Беларусі дзейнічаюць цэнтры экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Калі вы трапілі ў крызісную сітуацыю, калі ласка, звярніцеся па наступных нумарах:
- Рэспубліканская «Дзіцячая тэлефонная лінія» 8801−100−1611 (кругласутачна);
- Тэлефон даверу РНПЦ псіхічнага здароўя +375 17 272−21−67 (панядзелак — пятніца — з 9.00 да 15.00);
- Брэсцкая вобласць +375 162 51 10 13 (кругласутачна);
- Віцебская вобласць +375 212 61-60-60 (кругласутачна);
- Гомельская вобласць +375 232 31-51-61 (кругласутачна);
- Гродзенская вобласць +375 152 39-83-31 або +375 152 39-83-28 (кругласутачна);
- Мінск, для дарослых: +375 17 352−44−44 або + 375 17 304−43−70 (кругласутачна), для дзяцей і падлеткаў: +375 17 263−03−03 (кругласутачна);
- Мінская вобласць +375 17 270−24−01 або +375 29 899−04−01 (кругласутачна);
- Магілёўская вобласць +375 222 71-11-61 (кругласутачна).