Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі зноў зрабілі справаздачу пра авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па ўкраінскіх сілах, у тым ліку ў раёне Бахмута. У Генштабе УСУ заявілі, што расійскія войскі не пакідаюць спробаў выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што расійскія абаронныя прадпрыемствы адчуваюць востры недахоп кваліфікаваных кадраў.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў на 385-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: Адбілі больш за 90 атак

За суткі расійскія войскі нанеслі 40 авіяцыйных, 12 ракетных удараў і правялі больш за 100 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведамляе Генштаб УСУ. Адзін з ракетных удараў ажыццявілі па Краматорску — пашкоджаны трохпавярховы жылы дом, ёсць загінулыя і параненыя сярод мясцовага насельніцтва. Таксама ўдары былі нанесеныя па горадзе Затока Адэскай вобласці і населеным пункце Іванаўка Херсонскай вобласці. Ёсць пацярпелыя сярод мясцовага насельніцтва.

— Асноўныя намаганні праціўнік засяроджваў на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. УСУ тут адбілі больш за 90 атак.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў раёны 28 населеных пунктаў.

— На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія сілы захоўваюць сваю ваенную прысутнасць у памежных з Украінай раёнах, а таксама беспаспяхова спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў. З артылерыі абстралялі раёны чатырох населеных пунктаў уздоўж лініі судакранання ў Харкаўскай вобласці і 7 населеных пунктаў — у Луганскай вобласці.

— На Бахмуцкім напрамку праціўнік не пакідае спробаў захапіць Бахмут, дзе працягваюцца пастаянныя пазіцыйныя баі. У той жа час УСУ адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Ягаднае, Хромавае і Арэхава-Васільеўка. Расіяне абстралялі 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці паблізу лініі судакранання.

— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік беспаспяхова спрабаваў наступаць у кірунку населеных пунктаў Каменка, Невельскае, Новакалінава, Паўночнае, Першамайскае, Новаміхайлаўка, Перамога і Вадзяное Данецкай вобласці. Абстрэлам падвергліся раёны 16 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі вядуць абарончыя дзеянні. Абстрэлам падвергліся 17 населеных пунктаў Запарожскай вобласці, па адным у Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцях, а таксама 20 населеных пунктаў Херсонскай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка, тры ўдары па месцах разгортвання яго ЗРК і тры ўдары па іншых важных аб’ектах расійскіх сіл.

— Ракетныя войскі і артылерыя пабілі тры раёны канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў, тры пункты кіравання падраздзяленнямі арміі РФ і разгорнутую пазіцыю СПА.

У Генштабе таксама заявілі, што ў Горлаўцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі акупаванай Данецкай вобласці, збіраюцца правесці мабілізацыю сярод мясцовых для папаўнення падраздзяленняў, часова выведзеных з зоны вядзення баявых дзеянняў у сувязі са стратай баяздольнасці. Плануецца мабілізаваць каля 500 чалавек, нават сярод тых, хто раней атрымаў бронь з прычыне абмежаванай або поўнай непрыдатнасці да вайсковай службы.

Мінабароны Расіі: Знішчылі дыверсійна-разведвальную групу УСУ

— На Купянскім напрамку авіяцыяй, артылерыяй Заходняй групоўкі войскаў нанесеныя ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Стэпавая Навасёлаўка і Цімкаўка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя да 70 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, тры пікапы, два аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», гаўбіца Д-20, а таксама самаходная гаўбіца Krab.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў, ударамі авіяцыі і артылерыі, цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Церны, Тарскае, Грыгораўка Данецкай вобласці, а таксама Чырвоная Дзіброва і Неўскае Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 235 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы, гаўбіца Д-20, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя» і «Гваздзік», а таксама артылерыйская сістэма М777.

— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў, удараў авіяцыі і артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў за суткі страты праціўніка склалі да 160 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, баявая машына пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны і чатыры аўтамабілі. Акрамя таго, знішчаныя: самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», гаўбіца Д-20, дзве баявыя машыны РСЗА «Град» і «Ураган», а таксама артылерыйская сістэма М777 і самаходная гаўбіца М109 Paladin. Таксама ў раёнах населеных пунктаў Дачнае, Галіцынаўка і Навасёлаўка Першая Данецкай вобласці знішчаныя тры склады боепрыпасаў падраздзяленняў УСУ.

— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне прауіўніку ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Прачыстаўка Данецкай вобласці і Шчарбакі Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Новаданілаўка Запарожскай вобласці знішчаная дыверсійна-разведвальная група УСУ. Агульныя страты на гэтых напрамках склалі да 75 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».

— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя больш за 35 украінскіх вайскоўцаў, шэсць аўтамабіляў і гаўбіца Д-30.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 101 артылерыйскаму падраздзяленню, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 197 раёнах. Знішчаныя тры радыёлакацыйныя станцыі ўкраінскіх зенітных ракетных комплексаў С-300.

У раёне населенага пункта Успенаўка Запарожскай вобласці збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны. Перахоплена 15 рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS, «Ураган» і «Вольха», а таксама знішчаныя сем украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: РФ выкарыстоўвае тэму рэлігіі ў якасці зброі для дыскрэдытацыі Украіны

Два расійскія самалёты Су-27 збілі амерыканскі беспілотнік MQ-9 Reaper над Чорным морам у міжнароднай паветранай прасторы. Аднак гэты інцыдэнт не прывядзе да эскалацыі непасрэднага канфлікту паміж Расіяй і ЗША, лічаць у Інстытуце па вывучэнні вайны. Расійскія сілы выкарыстоўвалі «сігналы прымусу» супраць самалётаў і ваенна-марскіх караблёў ЗША і іх саюзнікаў дзесяцігоддзямі на некалькіх тэатрах ваенных дзеянняў, не выклікаючы канфлікту. Прэзідэнты ЗША і Расіі захоўваюць за сабой поўную свабоду выбару таго, як рэагаваць на такія інцыдэнты, таму аўтаматычнай эскалацыі не будзе, адзначаюць эксперты.

Расійскія ўлады працягваюць прымаць меры па мабілізацыі расійскага ваенна-прамысловага комплексу, які адчувае цяжкасці. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас наведвання 14 сакавіка авіяцыйнага завода ва Улан-Удэ заявіў, што прадпрыемствы абароннага комплексу адчуваюць недахоп кваліфікаваных кадраў, і абвясціў пра шэраг рэформаў, скіраваных на прыцягненне большай колькасці спецыялістаў для працы на ваенных заводах. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падчас наведвання прадпрыемства карпарацыі «Тактычнае ракетнае ўзбраенне» ў Маскоўскай вобласці заклікаў завод падвоіць вытворчасць нават пасля выканання плана дзяржабаронзаказу. Пуцін таксама паведаміў, што ў Мінпрамгандлі Расіі падрыхтавалі спіс спецыяльнасцяў для адтэрміноўкі ад службы ў войску. У ISW мяркуюць, што гэта можа сведчыць пра тое, што Крэмль аддае перавагу выкарыстанню кваліфікаваных рабочых у вытворчасці расійскай зброі, а не іх мабілізацыі. Разведка Украіны паведаміла, што расійскія абаронныя прадпрыемствы значна знізілі свае патрабаванні да найманых асобаў і цяпер прымаюць работнікаў не толькі без досведу, але і з судзімасцямі і з гісторыяй ужывання наркотыкаў.

У ISW таксама адзначаюць, што расійскія блогеры зноў спрабуюць выкарыстоўваць тэму рэлігіі ў якасці «зброі для дыскрэдытацыі Украіны». Гісторыю з непадаўжэннем арэнды Кіева-Пячэрскай лаўры Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату (УПЦ МП) яны выкарысталі, каб абвінаваціць Кіеў ва ўціску свабоды веравызнання ва Украіне, адзначаюць эксперты. Разам з тым УПЦ МП — гэта падкантрольная Крамлю Руская праваслаўнай царква ва Украіне, якая аказвала матэрыяльную падтрымку незаконнаму ўварванню Расіі ў Крым і ўсходнюю Украіну ў 2014 годзе. «УПЦ МП — не незалежная рэлігійная арганізацыя, а хутчэй інструмент расійскай гібрыднай вайны», — кажуць у Інстытуце.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў 14 сакавіка, што Польшча можа паставіць Украіне шматмэтавыя знішчальнікі МіГ-29 цягам чатырох-шасці тыдняў;
  • украінскія крыніцы паведамляюць, што расійскія войскі працягваюць узвядзенне абарончых збудаванняў уздоўж мяжы Расіі з Украінай, каб утрымаць украінскія войскі ў паўночных памежных раёнах;

  • расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на мяжы Сватава — Крамянная;
  • расійскія войскі прасунуліся ў межах Бахмута і працягвалі наземныя атакі ўздоўж лініі фронту Аўдзееўка — Данецк і ў заходняй частцы Данецкай вобласці;

  • расійскія войскі працягваюць умацоўваць тылавыя раёны ў акупаванай Расіяй Запарожскай вобласці.