Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У ноч на сераду, 29 студзеня, украінскія беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у горадзе Кстова Ніжагародскай вобласці Расіі. Пра гэта паведаміў Генштаб УСУ.

Фото: facebook.com/GeneralStaff.ua
Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

«Падраздзяленні Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны ў ноч на 29 студзеня 2025 года ўдарылі па Ніжагародскім нафтаперапрацоўчым заводзе (Кстова, Ніжагародская вобласць РФ). Гэты НПЗ задзейнічаны ў забяспечанні акупацыйнай арміі Расіі.

Пасля ўдару БПЛА зафіксаваны магутны пажар на тэрыторыі аб’екта», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба.

Раней губернатар Ніжагародскай вобласці ў сваім тэлеграм-канале паведаміў, што ў выніку адбіцця атакі на тэрыторыю «аднаго з прадпрыемстваў Кстоўскай прамзоны ўпалі абломкі беспілотніка». Ратавальнікі ліквідуюць пажар, паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма.

Перахопленыя і знішчаныя 104 беспілотнікі

Усяго над тэрыторыяй Расіі за мінулую ноч дзяжурнымі сродкамі СПА былі перахопленыя і знішчаныя 104 украінскія беспілотныя лётныя апараты, заявілі ў Міністэрстве абароны РФ. 47 — над тэрыторыяй Курскай вобласці, 27 — над тэрыторыяй Бранскай вобласці, 11 — над тэрыторыяй Смаленскай вобласці, сем — над тэрыторыяй Цвярской вобласці, чатыры — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, тры — над тэрыторыяй Ніжагародскай вобласці, тры — над тэрыторыяй Калужскай вобласці, адзін — над тэрыторыяй Растоўскай вобласці і адзін — над тэрыторыяй Ленінградскай вобласці.

У Смаленскай вобласці адзін з беспілотнікаў збіты «падчас спробы атакі на аб’ект ядзернай энергетыкі», сцвярджае губернатар рэгіёна. Як вядома, на поўдні вобласці знаходзіцца Смаленская АЭС.

Паводле губернатара Белгародскай вобласці, беспілотнік атакаваў шматкватэрны дом у горадзе Грайвароне, раненні атрымаў адзін чалавек. Яшчэ адзін беспілотніктрапіў у прыватны дом у Белгародскім раёне. Загінулі жанчына і яе двухгадовае дзіця, яшчэ адно дзіця і яго бацька атрымалі раненні.

Частный жилой дом, в который попал беспилотник, Белгородский район, Россия. Фото: t.me/vvgladkov
Прыватны жылы дом, у які трапіў беспілотнік, Белгародскі раён, Расія. Скрыншот відэа: t.me/vvgladkov

Паводле звестак тэлеграм-канала «Астра», у Цвярской вобласці былі атакаваныя склад боепрыпасаў 23 арсенала Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення (ГРАУ) Мінабароны Расіі і прылеглая да яго вайсковая частка. На складзе боепрыпасы ў момант атакі адсутнічалі, сам ён пашкоджаны. Пашкоджаныя таксама тры будынкі вайсковай часткі.

Акрамя арсенала беспілотнікі атакавалі нафтаперапамповачную станцыю «НПС Андрэапаль» ТАА «Транснафта-Балтыка» ў вёсцы Ярохіна. Пашкоджаны дах будынка сувязі і аператара станцыі, фільтрацыйная помпавая пляцоўка, адбыўся разліў нафтапрадуктаў і пажар, паведамілі крыніцы «Астра» ў МНС РФ. Пацярпелых няма. «НПС Андрэапаль» забяспечвае транспартаванне нафты ў бок Балтыйскага порта Усць-Луга.

Расійскія СМІ паведамлялі, што праз атакі беспілотнікаў часовыя абмежаванні на палёты ўводзілі аэрапорт Казані і Пулкава ў Санкт-Пецярбургу.